Выстаўка жывапісу “Сонечныя берагі” Таццяны і Валерыя Потваравых

Выстаўка жывапісу “Сонечныя берагі” Таццяны і Валерыя Потваравых

30 верасня – 13 кастрычніка 2016 года

«Падарожнічаць — гэта тое, чым павінен займацца сапраўдны мастак, таму што гэта і ёсць сапраўднае мастацтва — каштоўны камень, які вандроўца пасля павінен апрацаваць» (ангельская вандроўніца Фрейя Старк)
Выстаўка “Сонечныя берагі” прадстаўляе творчасць маладых мастакоў Таццяны і Валерыя Потваравых. Яны запрашаюць нас у бясконцае падарожжа ў цёплыя мясціны Еўропы. Праз занатаваныя ўражанні на палатне, мастакі жадаюць прадэманстраваць нам віртуальную экскурсію па сонечным берегам, на якіх пабывалі самі. Закаханыя ў пленэрны пейзаж, Таццяна і Валерый паказваюць наколькі разнастайныя стыхія і горад. Сярод твораў можна пазнаць каналы Санкт-Пецярбурга, Амстэрдама і Венецыі, Парыж, Марсэль, Сэн-Трапэ, Марціг, Гамбург, Севастопаль, Балаклаву, Ніжні Ноўгарад, Гданьск, востраў Зюльт, а таксама родныя беларускія сонечныя берагі.
Для творчых прац Таццяны характэрны эмацыйнае мастэхінавае пісьмо, вялікую ўвагу яна надае дэталям у малюнку і кампазіцыі. Гэта бачна ў яе пейзажы, нацюрморце і сюжэтна-тэматычнай карціне. А жывапіс Валерыя больш спокойны, стрыманы па колеры, халадней па каларыце. Аднак палотны абодвух аўтараў тэхнічна падобныя, яны выпаўнены ў імпрэсіяністычнай манеры, утрымоўваюць складаную прызму ўсіх адценняў алейнай палітры, захоўваючы паветра і першае ўражанне.
Наведаўшы выстаўку брата і сястры Потваравых, вы пабачыце стройныя міжземнаморскія ветразнікі, рыбацкія лодкі, залітыя сонцам набярэжныя, сакавітую садавіну ў вулічных кафэ і апетытную тараньку. Спадзяемся, мора сонца і цяпла застанецца ў кожным сэрцы.

Мастацтвазнаўца «Галерэі Мастацтва» Ксенія Ралінская