Выстаўка жывапісу “Злавіць вецер” Ірыны Ясюкайць — Дударавай

Выстаўка жывапісу “Злавіць вецер”

Ірыны Ясюкайць — Дударавай

21 красавіка – 11 траўня 2017 г.

Выстаўка жывапісу “Злавіць вецер” — гэта другі персанальны праект маладой мастачкі ў галерэі “Мастацтва”. Ірына ўжо даўно зарэкамендавала сябе як таленавітую творчую адзінку ў беларускім выяўленчым мастацтве. Яе творы прывабліваюць гледача яскравасцю вобразаў і цікавым каларытным жывапісам.

Экспазіцыю выстаўкі прадстаўляюць творы розныя па жанру: партрэт, пейзаж, а таксама нацюрморт. Усе палотны шчырыя да роздуму, у іх не мала філасофіі. Гэта заўважна і ў самой назве выстаўкі — “Злавіць вецер”. Па словах самой Ірыны, “злавіць вецер — гэта спроба зрабіць нешта немагчымае. Але, калі ў тваіх руках трапеча на вятру хусцінка, то з’яўляецца ілюзія, што ў цябе гэта атрымалася”. Мастачцы важна перадаць скрозь дзель секунды пэўную сваю эмоцыю ў пэўны адбітак часу. Яе захапляе кожны момант і дзеянне ў асяроддзі, таму як творцу неабходна ўбачыць і намаляваць пасродкам фарбаў і малюнка прыгажосць быцця. Відавочна, гэта адчуваецца ў кожным творы, а асабліва ў групавых партрэтах. Яны па-жаночаму пачуццевыя, па мастацку сімвалічныя, тэхнічна тонкія, складаныя па колеры.

Наведаўшы новую выстаўку Ірыны Ясюкайць-Дударавай, кожны зможа атрымаць эмацыянальнае ўзрушэнне ад мноства буйных кветак, птушак і светлых твараў. Спадземся, экспазіцыя не пакіне абыякавым нікога, хто верыць у чыстыя пачуцці, сапраўднае дабро і шчырасць у жыцці.

Мастацтвазнаўца галерэі “Мастацтва” Ксенія Ралінская