Геннадий Козел
ГЯНАДЗЬ БАЛЯСЛАВАВІЧ КОЗЕЛ
Нарадзіўся 29 кастрычніка 1963 года ў в. Дындылішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.
1979-1983 гг. – вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава (цяпер – Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава) у заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі А.А. Малішэўскага.
1989-1995 гг. – вучоба на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у народнага мастака Беларусі Г.Х. Вашчанкі.
1986-1988, 2004-2009 гг. – «ленінградскі» перыяд.
З 1989 г. – удзельнік міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак, у тым ліку, персанальных.
З 2003 г. – сябра Беларускага саюза мастакоў.
З 2010 г. выкладае на кафедры мастацтваў і асяродкавага дызайну Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ (дысцыпліны “акадэмічны малюнак”, “сучасныя практыкі”).
У 2018 г. абараніў магістарскую дысертацыю на тэму “Мантажныя формы ў сучасным асяроддзі”.
Аўтар шэрага архітэктурных аб’ектаў і асяроддзевых экспазіцыйных праектаў у Беларусі і Расіі.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прыватных калекцыях Беларусі, Германіі, ЗША, Расіі, Францыі.
Аннотация
25 студзеня (аўторак) у 18.00 у галерэі “Мастацтва” Беларускага саюза мастакоў (пр-т Незалежнасці, 12) адкрываецца персанальная выстава жывапісу Генадзя КОЗЕЛА “Тэндэнцыя”.
У экспазіцыі прадстаўлены работы, у якіх Генадзь Козел эксперыментуе з фактурамі, а таксама творы, дзе мастак ідзе не ад белага тону палатна, а ад цёмнага. Каляровы грунт даваў якасна іншую характарыстыку жывапісу – глыбокую, складаную, драматычную.
Мастак шчыра захапляецца творчасцю Веласкеса, Гоі, Рэмбранта. Аднак, у адрозненне ад іх, натура (хутчэй – разважанні аб ёй) для Генадзя Козела служыць толькі адпраўной кропкай у стварэнні ўласнага твора. Ён спрашчае рэальнасць, даводзячы яе да сімвала, які – не што іншае, як наданне форме сэнсу. Сэнс, у сваю чаргу, – рэальна пражытае майстрам жыццё, яго адчуванні, пачуццё густу і колеру – вялізны кангламерат з’яў, які змяшчае ў сябе ўмоўная форма.
Мала хто ведае, што ў дзяцінстве маці Генадзя хацела, каб ён стаў святаром, а сам хлопчык марыў аб прафесіі заолага. Але аднойчы і назаўжды ім быў зроблены выбар на карысць мастацтва.
Неяк майстар выказаўся пра Веласкеса: “Ствараецца ўражанне, што ён не можа збіцца, таму што ўнутрана, як інструмент, настроены ідэальна з пункту гледжання каларыстыкі, колеру”. Думаецца, гэтыя словы ў поўнай меры можна аднесці і да творчасці самога Генадзя Козела…
Наталля Сяліцкая, мастацтвазнаўца