Аннотация
Рэспубліканскі выставачны праект “Лабірынт”, арганізаваны секцыяй жывапісу Беларускага саюза мастакоў, у чарговы раз знаёміць гледачоў з творамі сучасных беларускіх жывапісцаў. Ён выяўляе увесь характэрны на сённяшні дзень дыяпазон рашэнняў тэм і вобразаў, якія хвалююць аўтараў розных пакаленняў. Паказ сучаснай школы беларускага жывапісу ва ўсёй яе разнастайнасці – галоўная мэта арганізатараў выставы.
Тэрмін “лабірынт” – метафара разумення мастаком працэсу творчага пошуку, які складаецца індывідуальна. Яго можна параўнаць з лабірынтам. Знайсці дарогу з лабірынта бывае, часам, вельмі складана. Кожны аўтар шукае свой шлях рашэння, грунтуючыся на ўласных ідэалах, ведах і эмацыйных перажываннях. Гэты шлях – рух і пераадоленне сябе ў накірунку да ісціны, як да лагічнага выхаду і выніку пошукаў. Шлях праз лабірынт, у разуменні магчымасці выказаць сябе, вельмі індывідуальны і можа не супадаць з тым, як яго бачаць іншыя.
Важнай асаблівасцю выставы “Лабірынт” гэтага года з’яўляецца наяўнасць экспазіцыі не толькі ў Палацы мастацтваў, але і яе пашырэнне закошт галерэй “Мастацтва” і “Беларт”. На двух апошніх пляцоўках прадстаўлены работы выключна жанчын аўтараў (А. Шлегель, Д. Сумаравай, К. Сумаравай, Н. Гедрановіч і інш.). Экспанаваныя творы створаны ў розных жанрах і стылях. Сярод іх можна пабачыць як тыя, што зазналі традыцыйныя рэалістычныя падыходы, так і тыя, якім уласцівы смелыя мастацкія эксперыменты.
Паводле задумы арганізатараў аспект асобнага прадстаўлення жанчын аўтараў здольны па-свойму пашырыць змест асноўнай канцэпцыі выставы, дадаць дадатковае сэнсавае начыненне: ствараецца магчымасць асобнага погляду на асаблівасці развіцця працэсу творчых пошукаў менавіта аўтараў жанчын. Куратарамі прапануецца паразважаць наконт наяўнасці адрозных і спецыфічных рыс іх мастацтва, як над вынікам пераадолення лабірынтаў уласнай творчасці. Вызначыць блізкі для сябе накірунак да выхаду з існуючых лабірынтаў творчых пошукаў жанчын-жывапісцаў можа і сам глядач, які наведае праект.
Глеб Герасімаў,
мастак, мастацтвазнаўца.