
Лариса Зарубина
ЛАРЫСА ІВАНАЎНА ЗАРУБІНА
ТВОРЧАЯ БІЯГРАФІЯ
Нарадзілася ў г. Мінску. Скончыла мастацкую школу №1 імя В. К. Цвіркі ў
1977 годзе. Паступіла ў Беларускі політэхнічны інстытут на архітэктурны
факультэт. Вучылася ў такіх педагогаў кафедры малюнка, жывапісу і
кампазіцыі як Белановіч І. І., Бельскі І. І., Навікоўскі Ф. Э., Віткоўскі Р. А. і
іншых. У гэты ж час наведвала студыю выяўленчага мастацтва ДК Мінскага
трактарнага завода пад кіраўніцтвам мастака Ткачэнкі У.А., таксама
займалася ў студыі малюнка і жывапісу Ачайкіна В. Ф. пры Саюзе архітэктараў
Беларусі.
Пасля заканчэння ВУЗа ў 1984 годзе працавала мастаком-дэкаратарам у
Беларускім акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Прымала ўдзел у
афармленні спектакляў “Жанчына і мора”, “Радавыя”, “Бура” і інш.
У 1986 годзе перайшла на педагагічную працу. Выкладала ў мастацкай студыі
ДК Мінскага аўтазавода. З 1986 года і па сённяшні час працуе ў ДУА “Дзіцячая
школа мастацтваў № 1 г. Мінска”. Выкладае жывапіс, малюнак, станковую
кампазіцыю і гісторыю мастацтваў.
У 1996 годзе выйшла пераможцам у Рэспубліканскім конкурсе творчых работ
мастакоў-педагогаў. Атрымала вышэйшую педагагічную катэгорыю.
Узнагароджана дыпломамі, падзякамі, граматамі Міністэрства Культуры
Рэспублікі Беларусь.
З 2012 года з’яўляецца загадчыцай мастацкага філіяла школы.
З 2018 года сябра Беларускага саюзу мастакоў.
З 1995 года прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскіх выставах жывапісу.
Працуе ў асноўным у жанрах нацюрморт і пейзаж у тэхніках алейнага
жывапісу,акварэлі і пастэлі. Паступова перайшла ад рэалістычнай манеры да
экспрэсіянізму. Асноўны сюжэт карцін мастака – пейзажы з архітэктурнымі
матывамі, гістарычныя мясціны роднай Беларусі і Еўропы, а таксама —
нацюрморты з кветкамі.
Ларыса Зарубіна ўзяла ўдзел у больш чым 45 выставах у Беларусі і за яе
межамі. З іх — 11 рэспубліканскіх выстаў у Палацы мастацтва. Мастачка
таксама ўдзельнічала ў такіх творчых праектах як “Кветкавы рай”, ІІ
Міжнародным фестывалі пейзажа, прысвечаным В.К. Цвірке ў Нацыянальнай
бібліятэцы Беларусі і ў іншых.
2017 – у энцыклапедыі “Янка Купала “(ў трох тамах), том 1, быў змешчаны
артыкул аб творчасці Ларысы Зарубінай мастацтвазнаўцы Галіі Фатыхавай
2018 – выйшаў каталог жывапісу “Ларыса Зарубіна. Жывапіс”, выдавецтва
“Каўчэг”.
2020 – у энцыклапедыі “Уладзімір Караткевіч” змешчаны артыкул Галіі
Фатыхавай аб творчасці Ларысы Зарубінай.
2020 – удзел у выставе жывапісу “Лошыцкі альбом”, музейны комплекс
“Лошыцкая сядзіба”.
19.09.2020 на беларускім тэлебачанні ў перадачы “Мінск і мінчане” (канал
СТВ) быў паказаны сюжэт аб выставе жывапісу “Лошыцкі альбом”, дзе былі
адзначаны асаблівасці творчасці Ларысы Зарубінай.
2022 – удзел у выставе жывапісу “Фарбы душы” , Дзяржаўны музей гісторыі
беларускай літаратуры.
2022 – удзел у выставе жывапісу“Выбранае”, Музей гісторыі горада Мінска,
Арт-гасцёўня “Высокае месца”.
Творы мастака знаходзяцца ў Музеі горада Мінска, прыватных калекцыях
Беларусі, Расіі, Францыі, Германіі, Італіі.
Куратар выставы: мастацтвазнаўца Святлана Раманава
Аннотация
20 верасня а 18 гадзіне ў галерэі “Мастацтва” (пр. Незалежнасці, 12) адбудзецца адкрыццё юбілейнай выставы жывапісу “Музыка вандровак” беларускага мастака Зарубінай Ларысы Іванаўны.
Выстава задумана як творчы альбом мастака, у якім занатаваны ўражанні ад падарожжаў і пленэраў. У экспазіцыі прадстаўлены каля 30 жывапісных палотнаў (нацюрморты и пейзажы), створаных на працягу 2011-2022 гадоў. Кожная карціна – энергетычны сплаў, вынік карпатлівай працы душы і пэндзля, сэрца і колеру.
“Калі адпраўляешся ў падарожжа, адбываецца знаёмства з гарадамі вялікімі і маленькімі, кожны з якіх мае сваю гісторыю, непаўторны сілуэт мясцовасці і архітэктуры. Асабліва цікава назіраць за зменамі стану прыроды, зменамі каларыту пейзажу ў розныя поры года і часу дня. Абрысы дамоў, гарадоў, палёў, гаёў, узлессі, набярэжныя рэк, цэрквы і касцёлы пастаянна змяняюцца ў залежнасці ад пары года, стану надвор’я, стану душы мастака. Асабліва яркія ўражанні ад падарожжаў застаюцца пры стварэнні нават маленькіх эскізаў, эцюдаў, замалёвак. Якраз яны фіксуюць імгненне, даюць імпульс для роздуму, ствараюць асацыяцыі, мелодыі, рытмы.
Так з’яўляюцца ідэі, вобразы, карціны. Лірычнае светаадчуванне дазваляе асацыіраваць прыроду з музыкай, здаецца, што тысяча мелодый ствараюць вобраз жывапіснага ўвасаблення. Узгадваецца вядомае выказванне, што жывапіс – гэта музыка, якая спынілася і застыла”.
ВОБРАЗ. КОЛЕР. ІМПРАВІЗАЦЫЯ… У сваіх палотнах Ларыса Зарубіна імкнецца да стварэння вобразаў і ідэй, якія маюць пазітыўнае гучанне. Часта, асабліва восенню, мастака можна сустрэць у Нясвіжскім парку, у Лошыцкім прадмесці, у маляўнічых куточках роднага Мінску. Ларыса Зарубіна – актыўны ўдзельнік творчых пленэраў. Заўсёды з мальбертам, палатном, паперай і акварэллю.
Якраз эцюды дапамагаюць знаходзіць патрэбныя вобразы. Затым праца працягваецца ў майстэрні. Ларыса Іванаўна Зарубіна прадстаўнік лірычнага напрамку беларускага экспрэсіянізму пачатку ХХІ стагоддзя.
Выстава працягнецца да 8 кастрычніка 2022 года.